28 чэрвеня 2008 года Саветам Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь адобраны праект Закона Рэспублікі Беларусь “Аб Правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі”.
Праект Закона распрацаваны Саветам Міністраў Рэспублікі Беларусь і Нацыянальнай акадэміяй навук Беларусі. Праект Закона з мэтай захавання адзінства арфаграфічных норм пісьмовай мовы і забеспячэння стабільнасці ў сферы моўнай камунікацыі прадугледжвае выкладанне сучасных Правіл беларускай арфаграфіі і пунктуацыі (далей – Правілы) ў новай рэдакцыі. Сучасныя Правілы, якія былі прыняты ў адпаведнасці з пастановай Савета Міністраў БССР ад 11 мая 1957 года № 249 “Об уточнении и частичных изменениях существующего белорусского правописания”, былі выдадзены ў 1959 годзе.
Неабходнасць новай рэдакцыі Правіл выклікана тым, што правапіс, з'яўляючыся рэгламентуючым сродкам жывой мовы, не можа працяглы час заставацца нязменным. Бесперапыннае развіццё і ўдасканаленне мовы, якое выяўляецца ў зменах фанетычнага, марфалагічнага і сінтаксічнага характару, абнаўленні лексічнага складу мовы, патрабуе яго прывядзення ў адпаведнасць з сучаснай моўнай практыкай. Беларускі правапіс, які ў значнай ступені пабудаваны на фанетычным прынцыпе, асабліва адчувальны да гэтых змен у мове.
Сёння істотна абнавіўся слоўнікавы склад беларускай мовы, лексіка папоўнілася шматлікімі запазычаннямі, што прывяло да значнага парушэння адзінства правапісных норм сучаснай беларускай літаратурнай мовы. У сувязі з гэтым надзённым стала неадкладнае ўпарадкаванне правапісу, каб пазбегнуць разнабою ў пісьмовай беларускай мове, забяспечыць адзінства яе правапісных норм і аблегчыць навучанне беларускай мове.
Новая рэдакцыя Правіл з'яўляецца найбольш аптымальнай у сённяшніх умовах і адпавядае патрэбам сучаснай моўнай практыкі. Прапанаваныя змены і ўдакладненні не закранаюць асноўных палажэнняў і прынцыпаў беларускай арфаграфіі і забяспечваюць традыцыі пераемнасці пісьмовай беларускай мовы.
Усе змены і ўдакладненні новай рэдакцыі Правіл накіраваны на уніфікацыю сучаснага беларускага правапісу і змяншэнне колькасці выключэнняў, якіх вельмі шмат у сучасных Правілах. У асноўным яны удакладняюць фармуліроўкі правіл арфаграфіі і пунктуацыі; размяшчаюць іх па-новаму, для забеспячэння іх больш зручнымі для засваення; пашыраюць прынцып перадачы “акання” ў словах іншамоўнага паходжання; уносяць змены ў напісанне складанаскарочаных слоў; уніфікуюць напісанне прыметнікаў на -ск(і), утвораных ад уласных назваў; пашыраюць напісанне “ў” у словах іншамоўнага паходжання; спрашчаюць правілы пераносу слоў; упарадкоўваюць напісанне вялікай і малой літары.
Праект Закона прадугледжвае ўвядзенне ў дзеянне новай рэдакцыі Правіл з 1 верасня 2010 года.